2 роды вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Паўн. М.к. (Callorhinus) прадстаўлены відам С. ursinus, паўд. М.к. (Arctocephalus) — 6 відамі (часам вылучаюць да 9). Паўн. М.к. пашыраны ў паўн.ч. Ціхага ак., паўд. — ва ўмераных і ўмерана-халодных водах Паўд. паўшар’я; 1 від — на а-вах Галапагас. Рэгулярна мігрыруюць. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. самцоў да 2,1 м, маса да 300 кг, самак адпаведна да 1,5 м і 65 кг. Самцы (секачы) цёмна-бурыя, самкі — шаравата-карычневыя. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У час размнажэння ўтвараюць логавішчы. Палігамы, у гарэме да 50 самак. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці. Аб’ект промыслу (каштоўнае футра).